ОБЩЕСТВО "ЗАГОРОДЬЕ"



Навукова-Мемарыяльны Круглы Стол памяці Фёдара Данілавіча Клімчука


19.Х.2019 г. Мінск.

Увечар 19-га кастрычніка члены Заходнепалескага навуковага-краязнаўчага аб'яднання "Загароддзе" сабраліся на сваё паседжанне, а разам з тым правялі Навукова-Мемарыяльны Круглы Стол памяці выдатнага філолага, даследчыка Палесся Ф.Д. Клімчука, заснавальніка і шматгадовага кіраўніка, а лепей сказаць лідэра Заходнепалескага навукова-краязнаўчага аб'яднання. Мерапрыемства сабрала навукоўцаў, сяброў Фёдара Данілавіча: філолагі праф. Мікалай Антрапаў (Інстытут мовазнаўства НАН Беларусі), праф. Вольга Лабачэўская (Інстытут культуры), вядомая пісьменніца з Берасцейскага Палесся Наталка Бабіна, сваякі Фёдара Данілавіча - яго пляменнікі Iгар, з жонкай, і Сяргей Юхноўскія, таксама гісторыкі: археолаг Вадзім Белявец у кампаніі аспірантаў Антона Дацкевіча і Сяргея Ісакова, гісторык і матэматык Аляксандр Ільенкоў (Палескі дзяржуніверсітэт у Пінску), гісторык Віктар Кахновіч (цяперашні глава "Загароддзя"), старшыня Берасцейскага навукова-педагагічнага таварыства "Берагіня" і супрацоўнік БрПаліттэхнічнага Універсітэта Віктар Місіюк, зямляк Ф.Д. Клімчука і актыўны член "Загароддзя" Леанід Гарбейка, галоўны рэдактар выдання "Наша Ніва", актыўны член "Загароддзя" Андрэй Дынько. Мерапрыемства было адкрыта і закрыта выдтным спевам на словы Ф.Д. Клімчука ў выкананні В. Місіюка. Затым падзяліўся успамінамі аб Фёдары Данілавічы як вучоным і чалавеку, сябру і палешуку прафесар М. Антрапаў. Затым пляменнікі Фёдара Данілавіча Сяргей і Ігар падзяліліся звесткамі і ўспамінамі аб сям'і, дзяцінстве вядомага лінгвіста. Пасля падзяліліся сваімі вельмі кранальнымі згадкамі праф. В. Лабачэўская, А. Ільенкоў, В. Белявец, інш. удзельнікі мерапрыемства. Адзінагалосна была падтрымана ідэя правесці ў маі-чэрвені наступнага 2020 г. канферэнцыі ў памяць Ф.Д. Клімчука і па выніках яе выдаць зборнік "Загароддзе-4". Круглы Стол суправаджала ўзвышаная творчая атмасфера, што адпавядала таму натхненню і высокаму пакліканню вучонага, што ўвасабляў Фёдар Данілавіч Клімчук.



Фото


Фото 2

Фото